Аляксей Пятровіч Шкадарэвіч (н. 27.10.1947, г.Капыль, Мінскай вобл.), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2004), доктар фізіка-матэматычных навук (1988), прафесар (1990).
Навуковыя даследаванні ў галіне лазернай фізікі, оптыка-электроннага і лазернага прыборабудавання. Даследаваў цвердацельныя перабудоўваемыя лазеры з селектыўнай напампоўкай, што дазволіла прапанаваць эфектыўныя метады пошуку перспектыўных лазерных асяроддзяў з зададзенымі ўласцівасцямі, увесці ў практыку звыш 20 новых лазерных матэрыялаў. Выявіў фотатропны эфект на іонах Cr4+ у крышталях гранату, які з’яўляецца асноўным матэрыялам для пасіўнай мадуляцыі мацунку неадымавых лазераў. Даследаваў фізічныя ўласцівасці F2-цэнтраў афарбоўкі ў крышталях фторыстага ліцця, на аснове якіх распрацаваў прамысловую тэхналогію атрымання лазерных асяроддзяў, што дазволіла стварыць перспектыўную элементную базу для канструявання лазерных прыбораў і сістэм шырокага прызначэння, якія прымяняюцца на касмічных апаратах, у ваеннай тэхніцы і дальнаметрыі. Асвоіў вытворчасць у рэспубліцы лазераў на александрыце, сапфіры з тытанам, лазераў з дыёднай напампоўкай, лазераў з бяспечнай даўжынёй хвалі выпраменьвання, палімерных лазераў на фарбавальніках. Распрацаваў і прамыслова асвоіў вытворчасць лазерных апаратаў і прыбораў для прымянення ў медыцынскіх установах Беларусі (афтальмалогіі, анкалогіі, хірургіі, дэрматалогіі) і народнай гаспадарцы: на машынабудаўнічых прадпрыемствах, у шыннай прамысловасці, паліграфіі, дрэваапрацоўцы і лясной гаспадарцы.
Аўтар звыш 370 навуковых прац, у т.л. 5 манаграфій, 3 вучэбных дапаможнікаў і больш за 90 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2000 г. за цыкл работ "Механізмы развіцця, метады і сродкі лячэння глаўкомы, катаракты, фотапашкоджанняў сятчаткі вока".