Аляксандр Васільевіч Сукала (н. 25.02.1951, г. Рагачоў, Гомельскай вобл.), вучоны ў галіне педыятрыі, дзіцячай нефралогіі і экапаталогіі, імуналогіі дзіцячага ўзросту. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2009), доктар медыцынскіх навук (1995), прафесар (1996). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2002). Выдатнік аховы здароўя СССР (1978), выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2012).
Навуковыя працы прысвечаны вывучэнню прычын і распрацоўцы спосабаў прафілактыкі рэцыдываў нефратычнага сіндрому ў дзяцей, клінічнаму і эксперыментальнаму даследаванням неспрыяльных знешнеасяроддзевых уздзеянняў (цэзію-137 і нітрытаў) на ўзнікненне, цячэнне і канец гламеруланефрытаў у дзяцей Беларусі ў постчарнобыльскі перыяд. Устанавіў факты змянення цячэння і ўчашчэння неспрыяльных зыходаў гламеруланефрытаў (развіццё хранічнай нырачнай недастатковасці) пры ўздзеянні цэзію-137, нітрытаў і іх спалучэнняў, якія леглі ў аснову аднаго з раздзелаў сучаснай нефралогіі – экалагічнай нефралогіі дзіцячага ўзросту. Устанавіў новыя маркёры прагназавання зыходаў першасных і другасных гламеруланефрытаў, прапанаваў метады аптымізацыі тэрапіі вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці, уключаючы трансплантацыю нырак. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку пратаколы супрацьрэцыдыўнай тэрапіі гламеруланефрытаў, што дазволіла мінімізаваць адмоўныя ўздзеянні патагенетычнага глюкакортыкастэроіднага і цытастатычнага лячэння гламеруланефрытаў. Укараненне ў лячэбны працэс высокатэхналагічных спосабаў нырачна-заменнай тэрапіі дазволіла знізіць смяротнасць дзяцей ад вострай нырачнай недастатковасці з 35% практычна да нуля. У галіне эндакрыннай паталогіі ў педыятрыі распрацаваў алгарытмы абследавання, прафілактыкі і лячэння дзяцей з залішняй масай цела.
Аўтар звыш 530 навуковых прац.
Узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі" (2007), ордэнам Свяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені (2011), ордэнам Ефрасінні Полацкай (2012).