Анатолій Іванавіч Свірыдзёнак (н. 07.07.1936, г. Орша, Віцебскай вобл.), вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986; чл.-кар. з 1984), доктар тэхнічных навук (1976), прафесар (1981).
Работы ў галіне матэрыялазнаўства палімерных кампазітаў, трэння і зносу цвёрдых цел. Распрацаваў навуковыя асновы стварэння кампазіцыйных матэрыялаў, метады кіравання структурай і фрыкцыйнымі ўласцівасцямі металапалімерных сістэм, метады і прыборы для даследавання паверхевых уласцівасцей палімераў і кампазітаў на іх аснове. Сумесна з вучнямі правёў комплексныя даследаванні ўзаемасувязі структуры і ўласцівасцей кампазіцыйных матэрыялаў фрыкцыйнага прызначэння. Ініцыяваў развіццё ў Беларусі даследаванняў у галіне нанатрыбалогіі і біямеханікі стапы. Распрацоўвае метадалагічныя пытанні рэсурсазберажэння.
Аўтар звыш 250 навуковых прац, у т.л. 16 манаграфій, больш за 150 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1972 г. за распрацоўку тэарэтычных асноў стварэння фрыкцыйных матэрыялаў і канструкцый з палімераў і металапалімераў і ўкараненне іх у народную гаспадарку.
Узнагароджаны ордэнам Знак Пашаны (1981), медалямі.