Віталій Антонавіч Талкачоў (н. 28.06.1934, в. Скірмантава, Дзяржынскага р-на, Мінскай вобл.), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000; чл.-кар. з 1984), доктар фізіка-матэматычных навук (1980), прафесар (1990).
Работы ў галіне малекулярнай спектраскапіі і квантавай электронікі. Распрацаваў тэорыю статыстычнага фарміравання назіраемых фотафізічных характарыстык свабодных складаных малекул і прапанаваў метады іх эксперыментальнага вывучэння. Стварыў лазеры на электронных пераходах свабодных складаных малекул, выявіў, тэарэтычна і эксперыментальна вывучыў палярызацыю стымуляванага вылучэння і палярызаванай флуарэсцэнцыі арыентацыйна анізатропнай пары складаных малекул. Устанавіў дынамічны механізм квантавага вярчальнага рэха ў многаатамных малекул.
Аўтар манаграфіі, звыш 130 навуковых прац, 13 вынаходстваў.
Ленінская прэмія 1980 г. за стварэнне і развіццё новага навуковага напрамку – спектраскапія свабодных складаных малекул. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 г. за цыкл прац "Дынаміка вярчальнага руху электронна-узбуджаных многаатамных малекул у газавай фазе".
Узнагароджаны медалямі.