Аляксандр Паўлавіч Вайтовіч (н. 05.01.1938, в. Рачкевічы, Капыльскага р-на, Мінскай вобл.), фізік, дзяржаўны дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996; чл.-кар. з 1986), доктар фізіка-матэматычных навук (1979), прафесар (1985).
— Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1960).
— З 1960 г. працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, з 1980 г. загадчык лабараторыі, у 1984 – 1988 гг. намеснік дырэктара па навуковай рабоце гэтага інстытута.
— У 1992 – 1993 гг. намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 199 – 1997 гг. дырэктар Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі, адначасова ў 1992 – 2007 гг. загадчык лабараторыі гэтага інстытута.
— З мая 1997 г. па снежань 2000 г. прэзідэнт НАН Беларусі, са снежня 2000 г. па ліпень 2003 г. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
— У 1998 – 2003 гг. старшыня падкамітэту па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, у 1997 – 2003 гг. галоўны рэдактар часопіса "Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі".
— У цяперашні час загадчык лабараторыі Інстытута фізікі ім. Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Працы па лазернай фізіцы і оптыцы, дынаміцы нелінейных сістэм, фізіка нанаразмерных структур. Прапанаваў і развіў метад селекцыі частот лазераў, заснаваны на адрозненні параметраў насычэння асяроддзяў. Выявіў якасна новыя палярызацыйныя з'явы ў газавых лазерах у магнітным полі. Устанавіў ролю працэсаў вымушанага камбінацыйнага рэзананснага рассейвання ў актыўным асяроддзі ў фарміраванні характарыстык лазера ў магнітным полі. Прапанаваў і развіў рэзанансныя фазава-палярызацыйныя метады квантавай электронікі і лазернай спектраскапіі, паказаў эфектыўнасць гэтых метадаў для селекцыі частот у рознага тыпу лазерах і для павышэння адчувальнасці ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Стварыў палярызацыйную дынаміку нелінейных сістэм і паказаў, у прыватнасці, што час фарміравання палярызацыі генераванага выпраменьвання з'яўляецца характэрнай канстантай лазера, якая ў пэўных выпадках істотным чынам уплывае на дынаміку. Вызначыў і вывучыў у лазерах з'явы спантанага парушэння палярызацыйнай (люстраной) сіметрыі аж да атрымання поўнай кіральнай чысціні. Знайшоў новыя актыўныя асяроддзі на аснове крышталяў з прымеснымі і ўласнымі радыяцыйнымі цэнтрамі афарбоўкі. Прапанаваў плёнкавыя структуры з прасторава арганізаванай сеткай нанамерных крышталяў і вывучыў іх ўласцівасці.
Аўтар каля 250 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, даведніка, 25 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 г. за цыкл работ "З'явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі". Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН ім. акадэміка В.А. Капцюга 1999 г. за цыкл работ "Лазерная спектраскапія высокай выразнасці і яе фундаментальныя прыкладанні".
Узнагароджаны ордэнамі Знак Пашаны (1981), Францыска Скарыны( 1998), медалём.