Вячаслаў Іванавіч Янчэўскі (н. 09.07.1948, г. Мінск), матэматык. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2009), доктар фізіка-матэматычных навук (1981), прафесар (1990).
Навуковыя працы ў галіне алгебры, алгебраічнай геаметрыі і алгебраічнай К-тэорыі. Прапанаваў адзіны падыход да рашэння задач даследавання структурных уласцівасцей лінейных алгебраічных груп класічнага тыпу. Пабудаваў унітарную і спінорную прыведзеныя К-тэорыі для вылічэння прыведзеных груп Уайтхеда гензелевых канечнамерных алгебр з дзяленнем. Распрацаваў метады апісання спецыяльных нармальных падгруп мультыплікатыўных груп алгебр з інвалюцыямі. Даследаваў пытанні існавання цыклічных інвалюцый у класічных алгебрах з дзяленнем. Распрацаваў метады даследавання градуіраваных алгебр з інвалюцыямі, што дазволіла прапанаваць аднолькавую схему апісання груп Уййтхеда гензелевых цел і цел некамутатыўных рацыянальных функцый. Устанавіў і даказаў законы ўзаемнасці для груп Браўэра палёў функцый крывых над лічбавымі палямі. Рашыў праблему нетрывіяльнасці анізатропных прыведзеных унітарных груп Уайтхеда алгебр з дзяленнем, якім уласцівы ўнітарныя інвалюцыі. Распрацаваў новыя метады даследавання груп рацыянальных кропак лінейных алгебраічных груп, заснаваныя на ўстанаўленні глыбокіх сувязей мультыплікатыўнай структуры алгебр Адзумайі геаметрычных палёў і іх кагамалагічных уласцівасцей, вынікам чаго з’явілася рашэнне шэрагу праблем тэорыі лінейных алгебраічных груп, што знаходзяцца на стыку алгебраічнай К-тэорыі і алгебраічнай геаметрыі.
Аўтар звыш 200 навуковых прац, у т.л. 2 вучэбных дапаможнікаў для матэматычных спецыяльнасцей універсітэтаў.
Прэмія НАН Беларусі 2008 г. за даследаванне структурных асаблівасцей алгебраічных разнастайнасцей.