Афанасьеў Анатоль Аляксандравіч (14.01.1942, с. Малы Узень, Піцерскага р-на, Саратаўскай вобл., Расія), фізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар фізіка-матэматычных навук (1987), прафесар (1991). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2012).
Навуковыя працы ў галіне нелінейнай оптыкі і лазернай фізікі. Выканаў тэарэтычныя даследаванні па абарачэнні хвалевага фронту пры чатыроххвалевым змешванні і вымушаным рэзанансным рассейванні, рэзанансным ўзаемадзеянні магутнага лазернага выпраменьвання са шчыльнымі асяроддзямі і перабудоўваемым лазерам на фарбавальніках з размеркаванай адваротнай сувяззю. Прадказаў рэжымы гістэрэзіснага адлюстравання святла ад шчыльнага рэзананснага асяроддзя, якое праяўляе ўнутраную аптычную бістабільнасць, а таксама магчымасць істотнага зніжэння парогавага значэння канстанты дыполь-дыпольных узаемадзеянняў за кошт укладу ў палярызуемасць нерэзанансных пераходаў. Развіў тэорыю прасторава-часавай дынамікі сустрэчных лазерных пучкоў у перыядычна мадуліраваных нелінейных асяроддзях, якая паслужыў асновай стварэння вузкапалосных перабудоўваемых лазераў на фарбавальніках пікасекунднага дыяпазону.
Аўтар больш за 300 навуковых прац.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2000 г. за даследаванне нелінейна-аптычных з'яў і стварэнне на гэтай аснове новых высокаэфектыўных крыніц лазернага выпраменьвання.