Рома Яфімавіч Айсберг (н. 16.06.1933, г. Арцёмаўск, Данецкай вобл., Украіна), геолаг. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар геолага-мінералагічных навук (1979), прафесар (1989).
Выканаў сістэмныя даследаванні па тэктоніцы і прагнозе нафтагазаноснасці паўднёва-ўсходніх Каракумаў і паўднёва-заходніх адгор'яў Гісарскага хрыбта. Прапанаваў метад тэктанічнага картаграфавання, базавы прынцып якога-раянаванне тэрыторыі па часе асноўнага этапу фарміравання платформенных структур. Для тэрыторыі Беларусі і сумежных рэгіёнаў абгрунтаваў фармацыйную мадэль чахла, распрацаваў палеатэктанічныя мадэлі асноўных этапаў эвалюцыі платформенных структур. Паказаў, што даплітныя і плітныя этапы развіцця Усходне-Еўрапейскай і іншых старажытных платформаў характарызаваліся істотнымі адрозненнямі, заканамерна зменлівымі ў часе асацыяцыямі тыпаў структур і фармацый, стылем плікатыўных і разрыўных дыслакацый даплітных і плітных комплексаў платформавага чахла. Выявіў геадынамічныя абстаноўкі развіцця зямной кары тэрыторыі Беларусі ў познім протерозое і фанерозое і абгрунтаваў тэарэтычныя ўяўленні аб геадынамічных умовах праявы рыфтагенезу і магматызму. Прапанаваў канцэпцыю лістрычнай дзялімасці зямной кары платформаў. Аўтар карт нафтагеалагічнага раянавання Беларусі, якія з'яўляюцца асновай планавання нафтапошукавых работ. Распрацаваў тэктанічныя і геафлюідадынамічныя крытэрыі нафтагазаўтварэння і нафтагазанакаплення ў рознатыповых басейнах Усходне-Еўрапейскай платформы. Унёс уклад у адасабленне неатэктанічных структур цэнтральнай Еўропы (уключаючы Беларусь і краіны Балтыі), ацэнку тэктанічных прыкмет сейсмічнасці рэгіёну.
Аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 26 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія БССР 1978 г. за распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі маштабу 1: 500 000 і манаграфію "Тэктоніка Беларусі". Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В. А. Капцюга 2004 г. за цыкл сумесных работ "Верхнепратэразойскія і палеазойскія комплексы Беларусі і Сібіры: Геалогія, нафтагазаноснасць, праблемы асваення рэсурсаў вуглевадародаў" .