Валянцін Міронавіч Асташынскі (н. 29.06.1950, г. Мінск), вучоны ў галіне плазменна-энергетычных працэсаў і тэхналогій. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014), доктар фізіка-матэматычных навук (2000), дацэнт (2010).
Навуковыя працы ў галіне фізікі і тэхнікі высокаэнергетычных плазмадынамічных сістэм новага пакалення і мадыфікацыі матэрыялаў пад уздзеяннем кампрэсійных плазменных патокаў, генерыруемых такімі сістэмамі. Увёў уяўленні пра вызначальны ўплыў іонна-абменных працэсаў на цячэнне замагнічанай плазмы ў квазістацыянарных плазмадынамічных сістэмах, у якіх рэалізуецца іонна-дрэйфавае паскарэнне замагнічанай плазмы. Распрацаваў спосаб атрымання высокаэнергетычных кампрэсійных патокаў з максімальна высокімі значэннямі параметраў плазмы. Распрацаваў метады эфектыўнай структурна-фазавай мадыфікацыі паверхневых уласцівасцей, якія шырока выкарыстоўваюцца ў прамысловасці матэрыялаў і дазваляюць істотна паляпшаць іх эксплуатацыйныя характарыстыкі.
Аўтар больш за 570 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій, 19 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук імя акадэміка В.А.Капцюга (2014) за цыкл прац "Фізічныя прынцыпы паляпшэння эксплуатацыйных уласцівасцей паверхні эўтэктычных сілумінаў пад уздзеяннем інтэнсіўных электронных пучкоў і кампрэсійных плазменных патокаў".