Анатоль Іванавіч Белавус (н. 01.01.1951, в. Драбушова, Бешанковіцкага р-на, Віцебскай вобл.) - вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Член-карэспандэнт (2014), доктар тэхнічных навук (1999), прафесар (2001). Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь (2001).
Работы ў галіне мікраэлектронікі, інфарматыкі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, ЗВЧ-радыёэлектронікі і бесправадной сувязі, кібербяспекі. Распрацаваў і рэалізаваў на практыцы метады праектавання складанафункцыянальных хуткадзейных мікрасхем з падвышанай надзейнасцю і нізкім энергаспажываннем, метады праектавання спецыялізаваных мікрасхем для бартавых электронных сістэм кіравання касмічных спадарожнікаў, балістычных ракет, крылатых ракет, у тым ліку метады праектавання мікрасхем, устойлівых да ўздзеяння радыяцыі. Даследаваў фізічныя механізмы ўздзеяння касмічнай радыяцыі і экстрэмальных тэмператур на мікрасхемы і паўправадніковыя прыборы, прызначаныя для працы ва ўмовах блізкага і далёкага космасу. Распрацаваў комплекс тэарэтычных і практычных метадаў праектавання базавых элементаў тэлекамунікацыйных прылад, адметнай прыкметай якіх з'яўляецца звышвысокая хуткасць апрацоўкі дадзеных, метады праектавання сістэм лічбавай апрацоўкі радыёлакацыйных сігналаў на аснове мікрапрацэсарных камплектаў. Даследаваў фізічныя механізмы і алгарытмы працы, праграмныя рашэнні, механізмы актывацыі, шляхі і спосабы ўкаранення ў мікрасхемы сістэм адказнага і стратэгічнага прызначэння праграмных і апаратных траянаў – тэхналагічнага базісу кіберзброі.
Аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 26 манаграфій, больш за 30 вучэбна-метадычных дапаможнікаў і брашур, больш за 140 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1998) за цыкл работ "Распрацоўка новых метадаў праектавання і развіццё фізіка-тэхналагічных асноў стварэння высокіх тэхналогій вытворчасці канкурэнтаздольных мікраэлектронных вырабаў". Прэмія Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь (2002) за навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы па стварэнні і серыйнаму асваенню мікраэлектронных вырабаў.
Узнагароджаны медалём "За працоўную доблесць" (1983).