Аляксей Уладзіміравіч Белы (н. 15.05.1950, г. Растоў-на-Доне, Расія), фізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар тэхнічных навук (1990), прафесар (1995).
Навуковыя даследаванні ў галіне матэрыялазнаўства, фізікі паверхняў, трыбатэхнікі. Унесены значны ўклад у даследаванне фізікі ўзаемадзеяння зараджаных часціц з павярхоўнымі пластамі цвёрдых цел. Распрацаваў новы перспектыўны навуковы напрамак - нізкаэнергетычную іённую імплантацыю пры высокіх шчыльнасцях іённага току. Устанавіў шэраг заканамернасцей структурных ператварэнняў і радыяцыйна-стымуляванай дыфузіі, асноўныя механізмы павышэння фізіка-механічных уласцівасцей матэрыялаў пры апрамяненні іённымі пучкамі высокай шчыльнасці; узаемасувязь параметраў імплантацыі, мікраструктуры і эксплуатацыйных характарыстык паверхняў. Навуковыя распрацоўкі з'явіліся асновай для стварэння новых тэхналогій інжынерыі паверхняў і неабходнага абсталявання, высокатрывалых, зноса- і каразійна-стойкіх матэрыялаў.
Аўтар звыш 230 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій, 23 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходствы.
Прэмія Ленінскага камсамола 1982 г., Дзяржаўная прэмія БССР 1988, Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга 2002 г.
Узнагароджаны медалём Таварыства металургаў і металафізікаў Францыі (1997).