Аляксандр Рыгоравіч Булгак (н. 02.03.1958, г. Слуцк, Мінская вобласць) – урач-кардыёлаг. Член-карэспандэнт (2017), доктар медыцынскіх навук (2003), прафесар (2005).
Навуковыя працы па праблемах дыягностыкі і лячэння ў кардыялогіі. Даследаваў уплыў ультрагуку на сэрца, метэафактараў на ўзнікненне параксізмаў фібрыляцыі перадсэрдзяў ў пацыентаў з ішэмічнай хваробай сэрца (ІХС). Правёў даследаванні, звязаныя з дыягностыкай ІХС і асаблівасцямі вядзення пацыентаў з ІХС і фібрыляцыяй перадсэрдзяў. Вывучыў асаблівасці кардыёгемадынамікі, варыябельнасці рытму сэрца пры атручваннях псіхатропнымі прэпаратамі, пры вострым інфаркце мозгу, у пацыентаў з міеломнай хваробай. Правёў даследаванні па вывучэнні механізмаў развіцця лакальнага і дыстантнага ішэмічнага прэ- і паслякандыцыянавання міякарда, праблем, звязаных з вывучэннем сіндрому начнога апноэ, яго уплывам на парушэнні рытму сэрца, артэрыяльны ціск, гарманальны статус.
Аўтар больш за 300 навуковых прац.