Алег Георгіевіч Давыдзенка (н. 04.03.1951, г. Кастрама, Расія), вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар біялагічных навук (1990).
Даследаваў ўзаемадзеянне ядзерных і цытаплазматычных генетычных сістэм, ролю геномаў арганэл цытаплазмы ў эвалюцыйных і селекцыйных працэсах. Даказаў магчымасць індукцыі цытаплазматычных мутацый у сельскагаспадарчых раслін (кукуруза, пшаніца, соя, сланечнік); наяўнасць унутрывідавай цытаплазматычнай зменлівасці, якая кантралюе прадуктыўнасць і прыстасаванасць раслін; выявіў эфекты цытаплазматычных генаў на змяненне расшчаплення і частату рэкамбінацыі ядзерных генаў; сфармуляваў тэарэтычныя палажэнні аб механізмах узаемадзеяння ядзерных і цытаплазматычных генетычных сістэм расліннай клеткі і іх выкарыстання ў селекцыі сельскагаспадарчых раслін; распрацаваў метады і прынцыпы адаптацыйнай селекцыі соі для ўмоў паўночных шырот. Правёў буйнамаштабныя даследаванні генетычнага полімарфізму карэннага насельніцтва Беларусі, што дазволіла атрымаць дадатковую інфармацыю аб паходжанні і старажытнай гісторыі беларускага народа.
Аўтар каля 250 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, падручніка, 9 гатункаў раслін.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2003 г., прэмія Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка В.А. Капцюга 2007 г.