Віктар Андрэевіч Емяльянаў (н. 03.05.1948, г. Тукумс, Латвійская Рэспубліка), вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар тэхнічных навук (1999), прафесар (1998). Член Міжнароднага інстытута інжынераў па электратэхніцы і электроніцы (1997, ЗША). Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь (2008).
Навуковыя працы ў галіне фізіка-хімічных асноў тэхналогіі цвёрдацельнай электронікі, тэхнікі і тэхналогіі вырабаў электронікі. Вырашыў комплекс узаемазвязаных навукова-тэхнічных праблем, які ахоплівае вызначальныя тэхналагічныя працэсы атрымання актыўных структур інтэгральных схем, зборкі крышталёў, распрацоўкі карпусоў вялікіх інтэгральных схем, працэсы атрымання тонкіх металічных плёнак, адаптаваных у масавую вытворчасць вялікіх інтэгральных схем. Унёс уклад у вырашэнне праблемы павышэння якасці і ўстойлівасці да ўздзеяння навакольнага асяроддзя вырабаў электроннай тэхнікі з адначасовым выключэннем выкарыстання ў іх дэфіцытных матэрыялаў, у тым ліку золата. Пад яго кіраўніцтвам НВА "Інтэграл" асвоены базавыя камплекты інтэгральных схем для найноўшых мадэляў айчынных тэлевізараў, тэлефонных станцый, аўдыётэхнікі, сувязной апаратуры. Навуковыя распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў праграме "Бытавая электроніка", у дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах "Інфарматыка", "Тэлебачанне", "Аўдыётэхніка", "Матэрыялы".
Аўтар больш за 430 навуковых прац, у тым ліку 27 манаграфій, 16 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 124 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 за распрацоўку новых метадаў праектавання і развіццё фізіка-тэхналагічных асноў стварэння высокіх тэхналогій вытворчасці канкурэнтаздольных мікраэлектронных вырабаў. Прэміі Савета Міністраў СССР 1990 г. за распрацоўку і ўкараненне высокаэфектыўных тэхналагічных працэсаў і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1991 г. за стварэнне і асваенне ў вытворчасці высокаэфектыўнай тэхнікі, прагрэсіўнай тэхналогіі і новых матэрыялаў.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы (2005) Расійскай Федэрацыі, медалямі.