Павел Сямёнавіч Грынчук (н. 17.05.1976, г. п. Шаркаўшчына, Віцебскай вобл.), вучоны ў галіне цеплафізікі, стварэння энергаэфектыўных тэхналогій. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017), доктар фізіка-матэматычных навук (2014).
Навуковыя працы ў галіне цеплафізікі, даследаванні праблем гарэння гетэрагенных асяроддзяў са стахастычнай структурай, развіцця матэматычных метадаў апісання стахастычных структур( у прыватнасці, метадаў тэорыі перкаляцыі), стварэння высокатэмпературных кампазіцыйных матэрыялаў. Упершыню прапанавана і абгрунтавана канцэпцыя энергетычных межаў гарэння ў гетэрагенных сумесевых сістэмах. Распрацавана лінейка энергаэфектыўнага пячнога абсталявання, прызначанага для нагрэву, тэрмаапрацоўкі і хіміка-тэрмічнай апрацоўкі металаў, даведзеная да поўнамаштабнага асваення на адным з флагманаў айчыннага станкабудавання – Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе.
Намеснік кіраўніка падпраграмы «Эфектыўныя цеплафізічныя працэсы і тэхналогіі» дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Энергетычныя сістэмы, працэсы і тэхналогіі», член дзяржаўнага экспертнага савета № 4 "Энергетыка", член экспертнага савета Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь (па секцыі «Энергаэфектыўнасць»), член некалькіх рабочых груп, створаных распараджэннямі ўрада для вырашэння пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, член навукова-тэхнічнага савета па развіцці шыннай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь і інш. Член савета па абароне дысертацый пры Інстытуце цепла-і масаабмену імя А.В. Лыкава НАН Беларусі.
Аўтар больш за 150 навуковых прац, у тым ліку 2-х раздзелаў у калектыўных манаграфіях, больш за 60 артыкулаў у рэферыруемых часопісах, 13 вынаходак.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук для маладых навукоўцаў за 2003 год за цыкл работ "Перкаляцыйныя з'явы ў працэсах цеплапераносу ў структурна-неўпарадкаваных гетэрагенных асяроддзях". Лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для таленавітых маладых навукоўцаў (2006 г.), трымальнік гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы (2015 г.).