Леанід Ільіч Гурскі (н. 10.01.1936, Мінск), вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела, атамнай фізікі, мікраэлектронікі і матэрыялазнаўства. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994), доктар тэхнічных навук (1973), прафесар (1978).
Упершыню на аснове прапанаванай мадэлі атама, якая змяшчае вірыял, і дынамічных сіметрый фізічна абгрунтаваў сіметрыйныя ўласцівасці Перыядычнай сістэмы і разлічыў мультыплеты, змест якіх цалкам пацверджаны эксперыментальна ўсталяваным складам электронных абалочак для ўсіх хімічных элементаў. Эксперыментальна выявіў новыя з'явы - высокатэмпературная першасная рэкрышталізацыя ў нанапамерных гетэрагенных матэрыялах; утварэнне пры дэфармацыі металаў ячэістай дыслакацыйнай структуры ў аб'ёме і аморфнага пласта на паверхні; анамальнае павелічэнне шчыльнасці дыслакацый пры дэфармацыі зрухам; утварэнне ў структурах метал-дыэлектрык-паўправаднік радыяцыйных дэфектаў пры высокаполевай інжэкцыі электронаў; анамальнае павелічэнне фіксаванага зарада пры высокіх тэмпературах у дыяксідзе крэмнію; утварэнне ў шматкампанентных сістэмах злучэнняў і азеатропных сумесяў, недысацыіруючых пры змене агрэгатнага стану рэчыва. Стварыў некалькі пакаленняў прыбораў і аўтаматызаваных комплексаў для кантролю фізічных уласцівасцей металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў, характарыстык кандэнсатараў, дыёдаў, транзістараў, мікрасхем, вадкакрышталічных індыкатараў, прэцызійных рэзістараў, цэлюлозы, матэрыялаў у глыбокім вакууме, дынамічных характарыстык пры выпрабаванні тарпед, аптычных характарыстык выходных вокнаў звышмагутных ВК-лазераў. На эфектах рэзананснага тунэлявання электронаў у квантуючых арыентаваных палях структур метал-дыэлектрык-паўправаднік з грэйтынгавай кіруючай сістэмай распрацаваў метады фарміравання квантавых ям і квантавых кропак. Удзельнічаў у работах па стварэнні на эфектах дыфракцыі паскораных электронаў у крышталях перабудоўваемага рэнтгенаўскага лазера. Прапанаваў канцэпцыю безытэрацыйнага праектавання мікрасхем, якая рэалізавана на НВА "Інтэграл" пры вытворчасці мікрапрацэсарных комплексаў, мікраЭВМ і больш за 100 відаў іншых мікрасхем для прамысловай і бытавой тэхнікі.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 65 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за стварэнне навуковых асноў, распрацоўку тэхналогіі і арганізацыю высокарэнтабельнай масавай вытворчасці нізкапарогавых вялікіх інтэгральных мікрасхем на камплементарных метал-вокісел-паўправаднік структурах.
Узнагароджаны медалём.