Аркадзій Пятровіч Іваноў (н. 29.12.1929, г. Самара, Расія), фізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1974), доктар фізіка-матэматычных навук (1967), прафесар (1970). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1991).
Асноўныя працы па вывучэнні пераносу радыяцыі ў рассейвальных аб'ектах. Ужыў метады мадэлявання і падабенства ў лабараторных умовах для апісання працэсаў распаўсюджвання святла ў акіяне, забруджанай атмасферы, фатаграфічных матэрыялах, што дазволіла ў некалькі разоў скараціць экспедыцыйныя расходы і павысіць дакладнасць атрымліваемых вынікаў. Удзельнічаў у распрацоўцы інжынерных метадаў тэорыі пераносу выпраменьвання. Вывучыў асаблівасці распаўсюджвання лазернага выпраменьвання ў прыродных асяроддзях і на гэтай аснове прапанаваў аптымальныя параметры сучасных сістэм сувязі, лакацыі, бачання ў атмасферы і акіяне. З сучасных аптычных уяўленняў апісаў заканамернасці распаўсюджвання святла ў фотаматэрыялах і прапанаваў спосабы паляпшэння іх якасці. Тэарэтычна і эксперыментальна вывучыў асаблівасці рассейвання святла ў шчыльназапакаваных дысперсных аб'ектах (біяаб’екты, глеба, снег, папера і г.д.), дзе класічная тэорыя пераносу непрымяняльная. Ажыццявіў лазернае зандзіраванне атмасферы і вады. У рамках Еўрапейскай лідарнай сеткі ўдзельнічае ў маніторынгу стану забруджвання Беларусі. Прымаў удзел (2005-2007) у арганізацыі аналагічнай лідарнай сеткі ў краінах СНД. Даследаваў уздзеянне нізкаінтэнсіўнага лазернага выпраменьвання на тканкі чалавека. Прапанаваў спектраметрычныя методыкі вызначэння структуры і складу скурнага покрыва.
Аўтар каля 600 навуковых работ, в т.л. 8 манаграфій, 18 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2002 г. за цыкл работ "Дыягностыка стану прыроднага асяроддзя на аснове аэракасмічных, лідарных, наземных і хіміка-аналітычных метадаў і сродкаў: даследаванні, распрацоўкі, укараненні". Прэмія Савета Міністраў СССР 1981 г. Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга 2008 г.
Узнагароджаны медалём.