Алена Мікалаеўна Калінічэнка (н. 17.02.1948, г. Гомель), хімік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 2014, доктар хімічных навук (2000).
Навуковыя працы ў галіне арганічнага сінтэзу і даследаванне біялагічнай актыўнасці аналагаў нуклеазідаў, распрацоўка тэхналогій вытворчасці субстанцый і лекавых сродкаў (цытарабін, лейкладзін, флударабел, азацытыдзін, дэцытабін, пеметрэксед і інш.) дазволілі вырашыць важную навукова-практычную задачу па стварэнні прэпаратаў для лячэння анкагематалагічных захворванняў і арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь новага кірунку ў фармацэўтычнай галіны – вытворчасць сінтэтычных фармсубстанцый і проціпухлінных лекавых сродкаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі, Расіі, Украіне, Азербайджане і інш. краінах.
Аўтар больш 250 навуковых прац, 6 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы і 12 патэнтаў; больш за 50 артыкулаў апублікавана ў вядучых замежных выданнях. Яе працы неаднаразова дакладваліся на міжнародных канферэнцыях.
За цыкл работ па распрацоўцы арыгінальных тэхналогій і арганізацыі вытворчасці лінейкі проціпухлінных прэпаратаў узнагароджана Ганаровай Граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2003 г.), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2004), Лаўрэат Прэміі Савета Міністраў Латвійскай ССР (1989). У 2007 г. ёй прысуджана персанальная надбаўка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі.