Пётр Пятровіч Казакевіч (н. 01.01.1955 г.), вучоны ў галіне тэхналогій і сродкаў механізацыі сельскай гаспадаркі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009). Доктар тэхнічных навук (1998), прафесар (2008).
П. Казакевіч вядомы навуковымі працамі ў галіне механізацыі працэсаў аграэкалагічнага паляпшэння мелказалежных тарфянікаў і забруджаных радыёактыўнымі рэчывамі глеб, механічнай апрацоўкі глебаў, вырошчвання, уборкі і першаснай перапрацоўкі лёну.
Ім асабіста і пры яго навуковым кіраўніцтве распрацаваны: плуг спецыяльны двух'ярусны ПТН-0,9 для глыбокага меліярацыйнага ўзворвання тарфянікаў, які быў уключаны ў саюзную Сістэму машын для меліярацыі зямель і рэкамендаваны Заходняй МВС на серыйную вытворчасць (з яго прымяненнем тэхналогія структурнай меліярацыі тарфянікаў укаранёна на плошчы больш за 1 тыс.га); плуг спецыяльны навясны ПСН-4-40 для глыбокага ўзворвання павярхоўна забруджаных радыеактыўнымі рэчывамі сельгасугоддзяў, на яго аснове распрацавана тэхналогія рэабілітацыі лугапашавых зямель (пасля аварыі на ЧАЭС яна ўжыта ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь на плошчы больш за 16 тыс.га); плугі паваротныя навясныя ПНГ-3-43, ПНГ-4 (5) -43 для гладкага ўзворвання стараворных глеб.
Пад навуковым кіраўніцтвам П. Казакевіча быў створаны комплекс ільноўборачных машын для камбайнавай і раздзельнай уборкі лёну з ужываннем рулоннай тэхналогіі нарыхтоўкі льнотрасты (варочвальнікі стужак ОД-1 і Ол-1, успушвальнік У-1, прэс-падборшчыкі ПРФ 110Л і ПРЛ-150, падборшчык -ачэсвальнік АГА-1), абгрунтавана эфектыўнасць прымянення самаходных ільноўборачных машын ва ўмовах фарміравання ільноўборачных атрадаў пры ільнозаводах. У цяперашні час Пётр Пятровіч працягвае навуковую дзейнасць у галіне абгрунтавання і распрацоўкі плугоў для гладкага ўзворвання глеб, глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў.
Працуючы ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Пётр Пятровіч падтрымліваў цесную сувязь з аграрнай навукай. Паводле яго прапаноў распрацавана сістэма перспектыўных машын для рэалізацыі інавацыйных тэхналогій вытворчасці асноўных відаў прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі на 2011 – 2015 гады. Ён прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005 – 2010 гады, Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011 – 2015 гады. З чэрвеня 2014 года П. Казакевіч працуе на пасадзе намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.
П. Казакевіч прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы навуковых кадраў. Ён член двух саветаў па абароне дысертацый. Ім падрыхтаваны адзін доктар і два кандыдаты тэхнічных навук.
Аўтар больш за 165 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, два падручнікі, атрымана больш за 22 аўтарскіх пасведчанні і патэнты (у суаўтарстве), а таксама выдадзены тры вучэбна-метадычныя працы.