Мікалай Уладзіміравіч Казаравец (н. 26.03.1949, в. Хоркі, Пастаўскага раёна, Віцебская вобл.), вучоны ў галіне сельскагаспадарчай жывёлагадоўлі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар сельскагаспадарчых навук (1999), прафесар (2000).
Даследаванні па селекцыі малочнай жывёлы. Правёў экспедыцыйнае абследаванне матачнага пагалоўя рэгіёнаў Беларусі (Магілёўская, Гомельская, Мінская вобласці). Ім ацэнены стан чорна-пёстрай жывёлы, выяўлены экстэр’ерныя асаблівасці жывёл, разлічаны папуляцыйна-генетычныя параметры селекцыйных прыкмет. Абгрунтавана сутнасць сістэмнага падыходу пры арганізацыі селекцыйна-племянной работы ў папуляцыі, распрацаваны праграмы буйнамаштабнай селекцыі малочнай жывёлы пажаданага тыпу, якія рэалізаваны ў племянной працы гаспадарак актыўнай часткі папуляцыі, стварэнні комплекснай праграмы па ўдасканаленні малочнай жывёлы Магілёўскай вобласці. Распрацоўвае селекцыйныя тэхналогіі па атрыманні бацькоў і маці быкоў-палепшвальнікаў, індэкснай ацэнцы племянных жывёл, метадычным абгрунтаванні развядзення чорна-пёстрай жывёлы ў гаспадарках рознага ўзроўню прадуктыўнасці жывёл.
Аўтар больш за 400 навуковых і вучэбна-метадычных прац, у тым ліку 10 манаграфій, 11 патэнтаў, 30 навучальных дапаможнікаў і даведнікаў.
Узнагароджаны медалямі.