Юрый Сямёнавіч Харын (н. 17.09.1949, с. Зырянскае, Томскай вобл., Расія), вучоны ў галіне прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар фізіка-матэматычных навук (1986), прафесар (1988). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2010). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1999). Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы (2001), Заслужаны работнік БДУ (2013). Член Амерыканскага матэматычнага грамадства, грамадства вылічальнай тэхнікі, Міжнароднага інстытута матэматычнай статыстыкі, грамадства Бярнулі.
Навуковыя даследаванні па распрацоўцы матэматычных мадэляў, метадаў, алгарытмаў і праграмных сродкаў ўстойлівага (робаснага) статыстычнага распазнання і аналізу стахастычных дадзеных пры стварэнні камп'ютэрных сістэм апрацоўкі і абароны інфармацыі. Распрацаваў тэорыю робаснага статыстычнага распазнання вобразаў і аналізу дадзеных, на аснове якой пабудаваны новыя мінімаксна ўстойлівыя (да скажэнняў гіпатэтычнай мадэлі) алгарытмы распазнання вобразаў, ідэнтыфікацыі і прагназавання, якія гарантуюць найменшае ўхіленне рызыкі на зададзеных сямействах скажэнняў, рэалізаваныя ў праграмных сістэмах і якія дазволілі вырашыць найважнейшыя прыкладныя задачы ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у прамысловасці, медыцыне, эканоміцы. Распрацаваў метады і алгарытмы распазнавання і статыстычнага аналізу дыскрэтных часовых шэрагаў, выкарыстаныя пры стварэнні і ацэнцы надзейнасці сістэм абароны інфармацыі. Унёс вялікі ўклад у станаўленне і развіццё ў Рэспубліцы Беларусь актуальнага напрамку інфармацыйных тэхналогій – крыпталогіі – навукі аб матэматычных і камп'ютэрных метадах абароны інфармацыі.
Аўтар больш за 600 навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій, 26 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
Прэмія Савета Міністраў СССР (1984). Прэмія ім. А. М. Сеўчанкі (1997). Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2002).