Фаіна Міхайлаўна Кірылава (н. 29.09.1931, г. Зуеўка, Кіраўскай вобл., Расія), вучоны ў галіне матэматычнай тэорыі аптымальнага кіравання. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар фізіка-матэматычных навук (1967), прафесар (1972). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2002). Заслужаны дзеяч асветы В'етнама (СРВ) (2001).
Навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі аптымальнага кіравання. Атрымала фундаментальныя вынікі па тэорыі кіравальнасці сістэм з паслядзеяннем, па неабходных умовах аптымальнасці ўпраўленняў для дыскрэтных працэсаў кіравання, умовах аптымальнасці высокага парадку і асаблівых аптымальных упраўленнях. Распрацавала асновы канструктыўнай тэорыі экстрэмальных задач, якія даюць эфектыўны выхад да вылічальных працэдур пабудовы рашэнняў для шырокага круга задач кіравання і аптымізацыі. Алгарытмы праграмна рэалізаваны і з пачатку 1980-х выкарыстоўваюцца пры рашэнні прыкладных задач кіравання і аптымізацыі. Сумесна з Р. Габасавым распрацавала новы падыход да пабудовы аптымальных упраўленняў тыпу зваротнай сувязі і пазіцыйных рашэнняў задач аптымальнага назірання для сістэм ва ўмовах нявызначанасці, абгрунтавала алгарытмы функцыянавання аптымальных ідэнтыфікатараў, эстыматараў, рэгулятараў і стабілізатараў.
Аўтар больш за 350 навуковых прац, 14 манаграфій.
Прэмія Савета Міністраў СССР 1986 за распрацоўку і ўкараненне шматмэтавых праграмных сродкаў у інжынерных разліках. Прэмія НАН Беларусі 1995 г. за цыкл работ "Распрацоўка канструктыўных метадаў рашэння экстрэмальных задач".