Леанід Рыгоравіч Краснеўскі (н. 27.08.1938, г. Мінск), вучоны ў галіне машынабудавання. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004). Доктар тэхнічных навук (1991), прафесар (2003).
Навуковыя даследаванні ў галіне машынабудавання, тэорыі і тэхнікі аўтаматычнага кіравання мабільнымі машынамі. Стварыў навуковыя асновы кіравання шматступеннымі зубчастымі механізмамі зменнай структуры, якія базуюцца на ідэях і метадах тэхнічнай кібернетыкі. Прапанаваў агульныя метады аналізу і сінтэзу дыскрэтных сістэм кіравання перадаткавымі механізмамі, аналізу іх паводзін пры тыпавых адмовах, сінтэзу надзейных гідрасхем з зададзенымі ўзроўнямі бяспекі і жывучасці. Тэарэтычна прадказаў структурна абумоўленую магчымасць аварыйных адмоваў такіх сістэм, пацверджаную пасля практыкай масавай эксплуатацыі аўтамабіляў з аўтаматычнымі трансмісіямі вядучых фірмаў ЗША і Японіі. На гэтай тэарэтычнай базе ўпершыню вырашана ў агульным выглядзе задача сінтэзу сістэм кіравання шматступеннымі трансмісіямі адвольнай структуры. Створаны інжынерны апарат сінтэзу, адэкватны класічным метадам сінтэзу гэтых механізмаў.
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у т.л. манаграфіі, 84 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы і патэнтаў.