Анатоль Віктаравіч Кудзельскі (н. 16.09.1934, с. Мала-Сафіеўка, Днепрапятроўскай вобл., Украіна), вучоны ў галіне рэгіянальнай геалогіі і гідрагеалогіі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар геолага-мінералагічных навук (1978), прафесар (1987).
Навуковыя даследаванні ў галіне геалогіі і гідрагеалогіі. Выканаў даследаванні па высокатэмпературным літагенезу ападкавых утварэнняў нафтагазаносных басейнаў, праблеме геалагічнага кантролю размяшчэння карысных выкапняў, газаваму і цеплавому рэжымам геалагічных структур зямной кары. Распрацаваў канцэпцыю энергетычнага і матэрыяльнага балансу ападкава-пародных басейнаў у працэсах высокатэмпературнага літагенезу, якая склала тэарэтычную аснову вучэння аб геафлюідадынамікі, паходжанні і размяшчэнні радовішчаў гідрагенных карысных выкапняў, у тым ліку гаручых. Адзін з заснавальнікаў сучаснай тэорыі нафтагазаўтварэння. Выканаў фундаментальныя даследаванні газавага рэжыму і геахіміі падземных водаў і расолаў Прыпяцкага нафтагазаноснага басейна. Упершыню паставіў пытанне аб перспектывах выкарыстання расолаў ў якасці крыніцы атрымання ёду, брому, рэдкіх і рассеяных элементаў. Аўтар канцэптуальна-імавернасных мадэляў размяшчэння і пошукаў у зямной кары радовішчаў вуглевадародаў, ёдных прамысловых вод і расолаў з выкарыстаннем структурна-геалагічных, гідрагеахімічных і цеплавых крытэрыяў. Унёс уклад у распрацоўку праблем міграцыі радыенуклідаў Чарнобыльскага паходжання ў глебавым субстраце і прыродных водах забруджаных тэрыторый Беларусі, стварыў геолага-гідрагеалагічную канцэпцыю падземнага пахавання радыеактыўных адходаў.
Аўтар каля 400 навуковых прац, у т.л. 20 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 г. за працу "Адкрыццё і народнагаспадарчае выкарыстанне радовішчаў мінеральных вод у Рэспубліцы Беларусь (навуковыя даследаванні, пошукава-разведачныя работы, медыка-бальнеялагічнае і пітное асваенне)". Прэмія Сібірскага аддзялення РАН і НАН Беларусі ім. акадэміка В.А. Капцюга 2004 г.