Анатоль Паўлавіч Ліхацэвіч (н. 21.03.1947, в. В. Кракотка, Слонімскага раёна, Гродзенскай вобласці), вучоны ў галіне экалогіі сельскай гаспадаркі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003). Член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук (1996-2002), замежны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (1999), доктар тэхнічных навук( 1994), прафесар (2000).
Навуковыя працы ў галіне рэгулявання воднага рэжыму сельскагаспадарчых культур. Распрацаваў тэорыю эколага-эканамічнай аптымізацыі рэжыму дажджавання глебава-неаднародных сельскагаспадарчых палёў пры няўстойлівых умовах надвор'я. Прапанаваў для ўмоў Беларусі экалагічна бяспечную рэсурсазберагальную тэхналогію дажджавання сельскагаспадарчых культур. Распрацаваў структуру маніторынгу ў інфармацыйнай сістэме падтрымкі прыняцця рашэнняў пры эксплуатацыі меліярацыйных сістэм і інфармацыйную сістэму ўстанаўлення чарговасці і аб'ёмаў работ па ўтрыманні гідрамеліярацыйных сістэм у працаздольным стане, інфармацыйную сістэму падтрымкі прыняцця рашэнняў па кіраванні водным рэжымам глеб. Распрацаваў методыку тэхніка-эканамічнага абгрунтавання рэжыму дажджавання і кропельнага паліву раслін у адкрытым грунце.
Аўтар больш за 300 работ, у тым ліку 7 манаграфій, 4 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, 13 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.