Зянон Валянцінавіч Лоўкіс (н. 05.10.1946, в. Мажэйкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.) – інжынер-механік. Член-карэспандэнт (2009), замежны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (2010–2014), Расійскай АН (2014), Латвійскай АН (2017), доктар тэхнічных навук (1990), прафесар (1991). Ганаровы прафесар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання (2017). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2013).
Навуковыя працы ў галіне тэорыі гідраўлікі і гідрапрывада, тэхнікі і тэхналогіі працэсаў вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі расліннай сыравіны. Распрацаваў машыны і механізмы з гідрапрывадам актыўных рабочых органаў: бульбаўборачныя камбайны і капальнікі, машыны для апрацоўкі глебы. Прапанаваў шэраг рабочых органаў і прыстасаванняў для інтэнсіфікацыі рыхлення асяроддзяў, лакальнага ўнясення ўгнаенні, сепаратараў. Пры яго ўдзеле распрацаваны арыгінальныя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны, створаны новыя віды тэхнікі і абсталявання: гама мыйных машын, резальныя машыны, фармовачныя машыны, помпавая ўстаноўка для высокатэмпературных асяроддзяў. На прадпрыемствах рэспублікі ўкаранёны тэхналогіі атрымання мадыфікаваных крухмалаў, спірту, прадуктаў харчавання і напояў функцыянальнага прызначэння, натуральных вінаў, новых прадуктаў з адходаў вытворчасці лікёра-гарэлачнай, бульбяной прадукцыі, пладоў і гародніны. Ініцыяваў і арганізаваў шэраг праектаў і заданняў, накіраваных на паўнавартаснае і функцыянальнае харчаванне для дзяцей, цяжарных жанчын, пажылых людзей, прафілактыкі захворванняў. Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма дасягнення якасці прадуктаў харчавання Рэспублікі Беларусь у складзе: Рэспубліканскі кантрольна-выпрабавальны комплекс па якасці і бяспецы прадуктаў харчавання, Нацыянальна-тэхнічны камітэт "Харчовая сыравіна і прадукты яе перапрацоўкі" (ТК BY16), орган па сертыфікацыі прадукцыі і Цэнтральныя дэгустацыйныя камісіі.
Аўтар больш за 550 навуковых прац, у тым ліку 23 кніг і падручнікаў, 112 патэнтаў.
Прэмія НАН Беларусі (2015) за цыкл работ «Мадыфікаваныя крахмалы для народнай гаспадаркі».
Узнагароджаны медалямі.