Геральд Рыгоравіч Маньшын (н. 05.08.1937, п. Фрунзе, Славяносербского р-на, Луганскай вобл., Украіна), вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі, кіравання. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994), доктар тэхнічных навук (1983), прафесар (1986).
Даследаванні па тэорыі аналізу і сінтэзу складаных сістэм прысвечаны праблемам прафілактычнага кантролю, матэматычным мадэлям складаных сістэм, задачам папярэджання адмоваў тэхнікі і памылак чалавека-аператара. Вырашыў праблему кіравання сістэмамі машына-чалавек-асяроддзе. Выканаў цыкл работ па якаснай тэорыі машыннага праектавання складаных сістэм з улікам чалавечага фактару. Створаны высокаэфектыўныя кіруючыя комплексы, якія маюць важнае значэнне, праведзены іх выпрабаванні на практыцы. Распрацаваў асновы тэорыі забеспячэння якасці, надзейнасці, бяспекі сістэм чалавек-машына, стварыў эргатычнае забеспячэнне аўтаматызаваных сістэм, тэорыю аўтаматызацыі эрганамічнага праектавання складаных сістэм. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны мабільныя шматфункцыянальныя машыны падвойнага прызначэння. Распрацаваў шэраг арыгінальных прыбораў, тэхнічных рашэнняў і сістэм кіравання, стварыў комплекс ДАСТаў у галіне спецыяльнай тэхнікі.
Аўтар больш за 500 навуковых прац, у т.л. 13 манаграфій, звыш 100 сведчанняў на вынаходствы і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія СССР 1985 г. за працы ў галіне спецыяльнай кібернетыкі.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1981), ордэнам Ламаносава (2007), медалямі.