Ігар Аляксандравіч Марзалюк (н. 11.09.1968 г., г.п. Краснаполле, Магілёўскай вобласці) – археолаг і гісторык. Член-карэспандэнт (2017), доктар гістарычных навук (2003), прафесар (2010). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2014).
Навуковыя працы па археалогіі і гісторыі Беларусі. Выканаў навуковыя даследаванні на помніках археалогіі Магілёўскага Падняпроўя і Посожжа эпохі рымскіх уплываў, Сярэднявечча і ранняга Новага часу – на курганных магільніках X–XIII ст., гістарычных цэнтраў гарадоў, замкаў і гарадзішчаў, якія дазволілі ўдакладніць этапы урбанізацыі Верхняга Падняпроўя, больш поўна ахарактарызаваць генезіс узнікнення Магілёва, вылучыць пратагарадскі і раннегарадскі перыяды ў гісторыі гэтага горада, а таксама гарадоў Быхава, Шклова і Радамлі. Распрацаваў навуковую канцэпцыю музеефікацыі старажытнага дзядзінца Мсціслава "Замкавая гара" і рэканструкцыі старажытнарускага археалагічнага комплексу ў в.Радамля Чаускага раёна.
Аўтар больш за 150 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, 1 навучальнага дапаможніка, 1 зборніка дакументаў, 1 хрэстаматыі.
Узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі" (2014), іншымі медалямі. Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2015).