Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

МАТУС Пётр Паўлавіч

Пётр Паўлавіч Матус (н. 24.07.1953, г.п. Рось, Ваўкавыскага раёна, Гродзенскай вобласці) – вучоны ў галіне вылічальнай матэматыкі. Член-карэспандэнт (2017), доктар фізіка-матэматычных навук (1995), прафесар (1996).

Навуковыя даследаванні па вылічальнай матэматыцы і матэматычнаму мадэляванню. Выканаў асноватворныя працы ў галіне пабудовы і даследаванні вылічальных метадаў адаптыўнага тыпу і дакладных рознасных схем, якія дазваляюць істотна скараціць машынны час пры мадэляванні прыкладных задач на ЭВМ. Аўтар піянерскіх работ па каэфіцыентнай і нелінейнай устойлівасці рашэнняў дыферэнцыяльна-аператарных ураўнанняў і аператарна-рознасных схем. На аснове прапанаваных і вывучаных вылічальных метадаў распрацаваў комплексы праграм і правёў прамое мадэляванне многіх прыкладных задач фізікі і тэхнікі, у тым ліку па задачах лазернай тэхналогіі і гідраэкалагічных праблемах; мадэляванні працэсаў цепламасапераносу ў працэсах нафтаперапрацоўкі; мадэляванні цеплавых рэжымаў касмічных апаратаў.

Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій.

Асноўныя працы:

  1. Разностные схемы с операторными множителями. Минск, 1998 (в соавт.).
  2. Difference Schemes with Operator Factors. Dordrecht, 2002 (в соавт.).
  3. Exact Finite-Difference Schemes. Berlin, 2016 (в соавт.).