Валянцін Уладзіміравіч Мураўёў (н. 28.01.1938, в. Мішнева, Новасакольнічскага р-на, Пскоўскай вобл., Расія), радыёфізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989), доктар тэхнічных навук (1977), прафесар (1978). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1988).
Навуковыя даследаванні ў галіне генерацыі і ўзмацнення электрамагнітных ваганняў звышвысокіх і надзвычай высокіх частот. Даследаваў механізм узаемадзеяння зараджаных часціц у паўправадніковых прыборах з электрамагнітнымі палямі. Распрацаваў тэарэтычныя асновы працы "кароткіх" дыёдаў Ганна. Прапанаваў новы спосаб павышэння стабільнасці частаты. Распрацаваў агульны метад разліку, які дазваляе з адзіных пазіцый аналізаваць і разлічваць аўтагенератары, сінхранізаваныя генератары і ўзмацняльнікі на паўправадніковых прыборах з улікам канкрэтнага спосабу рэалізацыі ЗВЧ сістэмы і параметраў актыўнага элемента. Вынікі навуковых даследаванняў дазволілі распрацаваць і ўкараніць параметрычны шэраг генератараў і ўзмацняльнікаў, якія працуюць у дыяпазоне ад 4 да 100 ГГц.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у т.л. 35 аўтарскіх пасведчанняў і 13 патэнтаў.
Узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені( 1998), медалём.