Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

МЯСНІКОВІЧ Міхаіл Уладзіміравіч
12-ы прэзідэнт НАН Беларусі
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі ў 2004-2010 гг.

Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч (н. 06.05.1950, в. Новы Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.), эканаміст, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009), ганаровы доктар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі і фінансаў (2008), акадэмік Еўрапейскай акадэміі менеджменту і бізнес-эканомікі – АЕDЕМ (2010), ганаровы доктар В’етнамскай Акадэміі навук і тэхналогій (2011), ганаровы прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (2013), доктар эканамічных навук (1998), прафесар (2003).

Забяспечыў у 1988 -1989 гг. распрацоўку тэарэтычнай мадэлі, ахову ў саюзных органах і практычны перавод сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР на ўмовы гаспадарчага разліку і эканамічнай самастойнасці. Кіраваў распрацоўкай першай дзяржаўнай праграмы пераходу Рэспублікі Беларусь на рыначную эканоміку.

Унёс значны асабісты ўклад у распрацоўку тэорыі рыначнай сацыяльна-арыентаванай эканомікі Рэспублікі Беларусь і эканамічнага праграмавання яе інавацыйнага развіцця і мадэрнізацыі, метадалогію структурнай палітыкі фарміравання і ўдасканальвання сістэмы кіравання эканомікай пераходнага перыяду на аснове праграмна-мэтавага метаду, абгрунтаванне суадносін ролі дзяржавы і рынку ў транзітнай эканоміцы; развіццё тэорыі эканамічнай інтэграцыі на міжгаліновым (ФПГ, альянсы, кластары, холдынгі) і міжнародным (Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Казахстана і Расіі) узроўнях; тэарэтыка-метадалагічныя асновы забеспячэння эканамічнай (у т.л. тэхналагічнай і энергетычнай) бяспекі Рэспублікі Беларусь (паказчыкі, парогавыя значэнні, прынцыпы мадэрнізацыі эканомікі); метадалогію кіравання навукова-інавацыйным працэсам, у тым ліку пабудова нацыянальнай інавацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь.

Аўтар звыш 160 навуковых прац, у т.л. 15 манаграфій, 5 вучэбных дапаможнікаў. Шматкратны ўдзельнік міжнародных навуковых канферэнцый і сімпозіумаў (США, Расія, Украіна, Малдова, Германія, Венгрыя, Аўстрыя, Японія і г.д.).

Узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны” (1981), Айчыны ІІІ ступені (2000), Дружбы (2009, Расійская Федэрацыя), Дружбы (2010, Кітайская Народная Рэспубліка), Свяціцеля Кірылы Тураўскага І ступені (2010), падзякамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ліпень 1997, лістапад 1997, 2005), медалямі Норберта Вінэра за дасягненні ў навуцы (2005), “За заслугі” Федэрацыі касманаўтыкі Расіі (2007), Дзмітрыя Кантэміра Нацыянальнай акадэміі навук Малдовы (2009), Вялікім залатым медалём Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія (2010).

Асноўныя працы:

  1. Формирование финансово-промышленных групп в переходных экономиках (на примере Республики Беларусь и Российской Федерации). СПб., 1997.
  2. Республика Беларусь на пути к новой экономике. Мн.: Беларуская навука, 2009.
  3. Republic of Belarus: Macroeconomics, Innovation, Economic Security. Minsk. Bel.Navuka, 2010.
  4. Структурная политика и модернизация экономики Республики Беларусь. Мн.: Беларуская навука, 2011.
  5. Эволюционные трансформации экономики Беларуси. Минск: Беларус. навука, 2016.