Фёдар Іванавіч Панцялеенка (н. 01.03.1950, в. Крукавічы, Калінкавіцкага раёна, Гомельскай вобласці), вучоны ў галіне парашковай металургіі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар тэхнічных навук (1992), прафесар (1992). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2011).
Навуковыя даследаванні ў галіне парашковай металургіі, кампазіцыйных матэрыялаў, умацавальных і аднаўленчых тэхналогій. Унёс істотны ўклад у распрацоўку новага класа самафлюсуючыхся парашкоў і кампазіцыйных матэрыялаў з іх, ахоўных пакрыццяў, умацавальных і аднаўленчых тэхналогій. Устанавіў заканамернасці дыфузійнага масапераносу пры легіраванні мікрааб'ектаў. Стварыў новы клас эфектыўных самафлюсуючыхся парашкоў, дратоў і высокаэфектыўныя тэхналогіі для атрымання інструмента, вырабаў або кампазіцыйных ахоўных пакрыццяў на іх. Распрацаваў кампазіцыйныя матэрыялы, якія атрымліваюцца шляхам тэрмахімічнай апрацоўкі або папластовага нанясення на металічныя падкладкі, якія чаргуюцца тонкімі (10-15 мкм) нікелевымі і цынк-фасфатнымі слаямі і наступнай тэрмічнай апрацоўкі, а таксама эфектыўныя керамічныя парашкі, градыентныя і іншыя спецыяльныя пакрыцці шматфункцыянальнага прызначэння. Распрацаваў комплексную методыку неразбуральнага кантролю і ацэнкі хімічнага складу, структуры, уласцівасцяў і рэшткавага рэсурсу адказных прамысловых металічных аб'ектаў, канструкцый, абсталявання.
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у т.л. 13 манаграфій і кніг, 30 вынаходак і патэнтаў.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1986), медалём.