Сцяпан Сцяпанавіч Пясецкі (н. 21.08.1949, в. Аляксейкі, Івацэвіцкага р-на, Брэсцкай вобл.) - вучоны ў галіне матэрыялазнаўства, тэхналогіі палімераў і кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове. Член-карэспандэнт (2014), доктар тэхнічных навук (1992), прафесар (2000). Выдатнік вынаходніцтва і рацыяналізацыі (1988).
Працы ў галіне хімічнага матэрыялазнаўства і тэхналогіі палімерных кампазіцыйных матэрыялаў. Зрабіў унёсак у распрацоўку тэарэтычных асноў тэхналогіі функцыяналізаваных палімераў і сапалімераў алефінаў, тэхналогію сумесей і сплаваў палімераў, арміраваных пластыкаў. Атрымаў важныя навуковыя вынікі пры вывучэнні міжфазавых узаемадзеянняў і рэлаксацыйных з’яў, раэлагічных паводзін і фазава-структурных пераўтварэнняў у шматкампанентных палімер-палімерных і металапалімерных сістэмах, нанакампазітах. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў тэхналогіях атрымання і перапрацоўкі канкурэнтаздольных і перспектыўных палімерных кампазітаў. Вынайшаў больш за 150 марак імпартазамяшчальных і экспартаарыентаваных палімерных матэрыялаў для патрэб машынабудавання, электратэхнічнай прамысловасці, чыгуначнага транспарту і інш.
З 2015 года — галоўны рэдактар міжнароднага навукова-тэхнічнага часопіса «Палімерныя матэрыялы і тэхналогіі».
Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1975) за працу «Даследаванне фізіка-хімічных з’яў пры вырабе і эксплуатацыі палімерных і металапалімерных дэталей машын». Прэмія НАН Беларусі (2008) за цыкл прац «Хімічная тэхналогія імпартазамяшчальных і перспектыўных палімерных матэрыялаў тэхнічнага прызначэння». Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2012). Нагрудны знак узнагароды імя У.М. Ігнатоўскага НАН Беларусі (2019).
Аўтар больш за 350 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, 140 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.