Вітольд Казіміравіч Песціс (н. 22.02.1949, в. Парэчча, Гродзенскага раёна, Гродзенскай вобласці), вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1999 – 2002), доктар сельскагаспадарчых навук( 1988), прафесар (1988). Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2001). Ганаровы прафесар міжнароднага Венскага ўніверсітэта (2008).
Навуковыя працы ў галіне кармлення сельскагаспадарчых жывёл і тэхналогіі кармоў. Унёс уклад у распрацоўку навукова-тэхнічнай праблемы комплекснага выкарыстання ў кармленні сельскагаспадарчых жывёл мясцовых крыніц пратэінавай мінеральнай і вітамінавай сыравіны. Выканаў даследаванні па тэарэтычным і практычным пытаннях павышэння паўнавартаснасці кармлення сельскагаспадарчых жывёл і іх прадуктыўных якасцяў. Прапанаваў тэарэтычнае абгрунтаванне і распрацаваў новыя спосабы і метады практычнага прымянення сапрапеляў у якасці кармавых дабавак у жывёлагадоўлі. Распрацаваў тэхнічныя ўмовы на новы раслінна-бялковы корм, практычнае прымяненне якога дазваляе знізіць дэфіцыт бялку ў рацыёнах свіней, паменшыць расход кармоў на адзінку прадукцыі.
Аўтар больш за 200 навуковых і вучэбна-метадычных артыкулаў, 12 навучальных дапаможнікаў, 7 манаграфій, 30 вынаходак, абароненых аўтарскімі сведчаннямі і патэнтамі, 10 ТУ і рэкамендацый вытворчасці.
Узнагароджаны медалямі.