Мікалай Раманавіч Пракапчук (н. 07.02.1948, г. Магілёў), фізікахімік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар хімічных навук (1989), прафесар (1995).
Даследаванні ў галіне хіміі, фізікі і тэхналогіі высокамалекулярных злучэнняў. Тэарэтычна абгрунтаваў і эксперыментальна пацвердзіў суадносіны паміж энергіямі актывацыі дэструкцыі палімераў ў цвёрдым і вадкім станах; распрацаваў метад ацэнкі сумарных паміжмалекулярных узаемадзеянняў у аморфных абласцях палімерных матэрыялаў; заснаваў новы напрамак у прагназаванні дэфармацыйна-трывальных уласцівасцяў плёнак, валокнаў і пакрыццяў ва ўмовах уздзеяння на іх энергетычных палёў і хімічных рэагентаў; прапанаваў і ўкараніў у сістэму сертыфікацыйных выпрабаванняў экспрэс-метады прагназавання даўгавечнасці пластмасавых труб, ПВХ-профіляў для вокнаў і дзвярэй, чарапіцы з тэрмапласткампазітаў, пенаполіурэтанавай цеплаізаляцыі, гуматэхнічных вырабаў і інш. Прапанаваў спосабы атрымання супервалокнаў, плёнак і пакрыццяў мэтавага прызначэння для спецтэхнікі. Стварыў стабілізаваныя тэрмапластычныя і эластамерныя матэрыялы з падвышанай фота-і тэрмастабільнасцю, стомлестнай вынослівасцю, паніжанай таксічнасцю. Распрацоўвае экалагічныя, рэсурса- і энергазберагальныя напрамкі: рэцыклінг палімерных матэрыялаў; стварэнне рэцэптур сучасных лакафарбавых матэрыялаў.
Аўтар больш за 600 навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў, у т.л. 2 манаграфій і 55 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходствы.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2005 г.