Віктар Якаўлевіч Прушак (н. 24.01.1956, в. Ямінск, Любанскага р–на, Мінскай вобл.) – вучоны ў галіне геатэхналогіі і горнага машынабудавання. Член-карэспандэнт (2014), доктар тэхнічных навук (2000), прафесар (2001). Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь (2012). Ганаровы грамадзянін г. Любань (2006).
Распрацаваў рэсурсазберагальныя тэхналогіі падземнай распрацоўкі саляных пластоў у складаных горна-геалагічных умовах, спосабы прадухілення газадынамічных з'яў у калійных рудніках, спосабы павышэння ўстойлівасці горных выпрацовак. Устанавіў заканамернасці праявы горнага ціску ў пародным масіве паблізу горных выпрацовак Старобінскага радовішча, Асаблівасці ўзаемадзеяння інжынерных канструкцый з пародным масівам на глыбокіх гарызонтах, асаблівасці зруху зямной паверхні ва ўмовах развіцця слупковых сістэм распрацоўкі. Распрацаваў геафізічныя мадэлі ўзаемадзеяння выканаўчых органаў горных машын з напружана-дэфармаваным горным масівам, вызначыў заканамернасці пабудовы забойных лавакомплексаў, механізмы ўплыву горнага ціску на праходчыя і ачышчальныя комплексы. Прапанаваў рашэнні па аптымізацыі тэхналогіі перапрацоўкі хлорыстага калію.
Аўтар больш за 290 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, 166 патэнтаў на вынаходствы.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2000) за працу "Распрацоўка і асваенне вытворчасці пад'ёмна-транспартнага абсталявання для горназдабыўной прамысловасці Рэспублікі Беларусь».
Узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі» (2006).