Аляксандр Уладзіміравіч Рагачоў (н. 13.08.1949 в. Юркавічы, Веткаўскага раёна, Гомельскай вобласці) – вучоны ў галіне фізічнай хіміі. Член-карэспандэнт (2009), доктар хімічных навук (1989), прафесар (1991). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2003).
Навуковыя даследаванні ў галіне фізічнай хіміі кампазіцыйных, шматслойных тонкаплёнкавых сістэм на аснове палімерных і неарганічных (металічных, вугляродных, карбідаў і нітрыдаў металаў) матэрыялаў, сінтэзу складаных хімічных злучэнняў з актыўнай газавай фазы. Правёў комплексныя даследаванні працэсаў вакуумнай металізацыі палімерных матэрыялаў, дыспергіравання палімераў пад дзеяннем патоку электронаў, лазернага выпраменьвання. Распрацаваў метады рэгулявання фізіка-механічных уласцівасцяў нана-і мікрагетэрагенных сістэм, заснаваныя на выкарыстанні плазменнай актывацыі лятучых прадуктаў, газатранспартных плазмахімічных працэсаў на стадыі асаджэння наначасціц з газавай фазы складанага складу. Прапанаваў рэлаксацыйна-дыфузійную тэорыі міжфазных працэсаў, на аснове якой аналітычна апісаў структурныя асаблівасці межавых слаёў, заканамернасці адгезійнага ўзаемадзеяння ў статычным і дынамічным кантакце пры розных рэжымах і ўмовах, у тым ліку і пры праходжанні хімічных кантактных рэакцый; патлумачыў шэраг эксперыментальна ўстаноўленых эфектаў, у тым ліку: эфекту зрыву кандэнсацыі атамаў металу на паверхні палімера пры тэмпературы, блізкай да тэмпературы стеклавання; эфекту перадачы тонкімі пластамі адсарбцыйнай актыўнасці падкладкі; селектыўнасці зачаткаўтварэння кандэнсаванай фазы на паверхні палімера пры стварэнні ў павярхоўным пласце механічных напружанняў.
Аўтар больш за 560 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, 1 навучальнага дапаможніка, 80 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2009).