Фёдар Аляксеевіч Раманюк (н. 28.04.1952, в. Доўгі, Пружанскага р-на, Брэсцкай вобл.) – вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Член-карэспандэнт (2014), доктар тэхнічных навук (1999), прафесар (2001). Выдатнік энергетыкі Рэспублікі Беларусь (1995). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2012). Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2017).
Навуковыя працы прысвечаны развіццю асноў пабудовы мікрапрацэсарных сістэм абароны і аўтаматыкі электраўстановак, а таксама іх матэматычнаму мадэляванню для даследавання паводзін метадам вылічальнага эксперыменту. Стварыў новыя высокаэфектыўныя спосабы вызначэння інфармацыйных параметраў ўваходных сігналаў у мікрапрацэсарных абаронах і сістэмах аўтаматыкі, распрацаваў такія прылады для практычнай рэалізацыі, што паслужыла асновай арганізацыі іх вытворчасці ў Рэспубліцы.
Аўтар больш за 210 навуковых і метадычных прац, у тым ліку 5 манаграфій, 5 вучэбных дапаможнікаў, больш за 25 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі" (2011).