Васіль Васільевіч Рубанік (н. 09.05.1959, в. Бутава, Ушацкага раёна, Віцебскай вобласці), вучоны ў галіне тэхнічнай акустыкі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014), доктар тэхнічных навук(2005).
Навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў галіне тэхнічнай акустыкі. Стварыў навуковую школу па тэрмапругкім фазавым ператварэнням пры высокаэнергетычных уздзеяннях. Эксперыментальна выявіў эфект ініцыявання памяці формы пад уздзеяннем ультрагукавых ваганняў у сплавах з эфектам памяці формы. Упершыню выявіў павелічэнне напружання цячэння ў такіх сплавах пры ўльтрагукавым уздзеянні ў інтэрвале тэмператур зваротнага мартэнсітнага ператварэння пры актыўнай ізатэрмічнай дэфармацыі ("анамальны эфект Блага-Лангенекера"). Распрацаваў і даследаваў новыя спосабы генерацыі рэактыўных механічных напружанняў і заданні эфекту памяці формы з дапамогай ультрагукавых ваганняў; вывучыў уплыў ультрагуку на працэсы тэрмаапрацоўкі пры хуткасным электракантактным нагрэве, механаактывацыі і прэсаванні парашкоў керамікі; распрацаваў і рэалізаваў у вытворчых умовах, а таксама ў практыцы навуковых даследаванняў новыя высокаэфектыўныя спосабы ўводу ўльтрагукавых ваганняў у ачаг дэфармацыі і абсталяванне для валачэння, прэсавання, зваркі палімерных матэрыялаў, эмульгіравання і інш.
Член 2-х спецыялізаваных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, член рэдакцыйных калегій часопісаў «Фундаментальныя праблемы сучаснага матэрыялазнаўства» (Расійская Федэрацыя), «Вектар навукі ТГУ» (Расійская Федэрацыя), і «Веснік установы адукацыі «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» (Рэспубліка Беларусь). Намеснік старшыні Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па фізіцы трываласці і пластычнасці матэрыялаў.
Аўтар больш за 500 навуковых прац, у т.л. 13 манаграфій і кніг, 55 вынаходак і патэнтаў.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2008 г. за цыкл работ па выкарыстанні магутных ультрагукавых ваганняў у навуковых даследаваннях і тэхналагічных працэсах.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2014).