Анатоль Мікалаевіч Сердзюкоў (н. 15.05.1944, п. Герой, Буда-Кашалёўскага р-на, Гомельскай вобл.), фізік-тэарэтык. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар фізіка-матэматычных навук (1987), прафесар (1988).
Навуковыя даследаванні ў галіне тэарэтычнай фізікі. Працы прысвечаны праблемам электрадынамікі і акустыкі кіральных асяроддзяў. У яго даследаваннях ліквідаваны супярэчнасці ранейшых тэорый натуральнай гіратрапіі, якія развіваліся многімі вядомымі фізікамі мінулага і цяперашняга стагоддзяў, дасягнута ўзгадненне электрадынамічных матэрыяльных ураўнанняў з межавымі ўмовамі і законамі захавання, а таксама ўстаноўлена ўзаемасувязь паміж рознымі спосабамі фенаменалагічнага апісання гіратрапіі. Пабудаваў самасагласаваную тэорыю выпраменьвання, распаўсюджвання, адлюстравання, паглынання, рассейвання і нелінейнага ўзаемадзеяння хваль у кіральных асяроддзях. Выканаў цыкл работ па тэарэтычнаму вывучэнню пругкіх хваль у кіральных асяроддзях. Прадказаў эфект і пабудаваў тэорыю акустычнага і кругавога дыхраізма, сфармуляваў законы захавання для гукавых хваль з улікам частотнай і прасторавай дысперсіі, вырашыў многія задачы фотаакустыкі.
Аўтар больш за 150 навуковых прац, у т.л. 8 вынаходстваў і навучальнага дапаможніка.
Прэмія імя акадэміка Ф.І. Фёдарава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2007).