Вячаслаў Аляксеевіч Шаршуноў (н. 04.05.1949, в. Круглаўка, Руднянскага р-на, Смаленскай вобл., Расія), вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002), доктар тэхнічных навук( 1990), прафесар (1991). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).
Асноўныя даследаванні ў галіне сельскагаспадарчага машынабудавання. Распрацаваў навуковыя асновы ўкаранення ў сельскагаспадарчую вытворчасць шэрагу новых энерга- і рэсурсазберагальных безадходных тэхналогій і камплектаў машын для ўборкі, перапрацоўкі і выкарыстання ўраджаю сельскагаспадарчых культур на насенне і корм жывёлам, а таксама ў кормавытворчасці і жывёлагадоўлі. Аўтар работ па гісторыі беларускай навукі і адукацыі, узнікнення і ўдасканалення сістэмы атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў на вучоныя ступені магістра, кандыдата і доктара навук, а таксама на вучоныя званні дацэнта і прафесара ў дарэвалюцыйнай Расіі, СССР і Рэспубліцы Беларусь.
Аўтар больш за 400 навуковых і навукова-метадычных работ, у тым ліку 32 манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, кніг і брашур і 69 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.
Лаўрэат спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта "Дасягненне" ў намінацыі "Адукацыя" за 2006 г.
Узнагароджаны Ордэнам Пашаны (2008).