Руслан Іванавіч Шэйка (н. 10.06.1973, в. Савейкі, Ляхавіцкага раёна, Брэсцкай вобл.) – вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Член-карэспандэнт (2017), доктар сельскагаспадарчых навук (2011), дацэнт (2003).
Навуковыя даследаванні ў галіне павышэння эфектыўнасці вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі жывёлагадоўлі. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні беларускай мясной пароды свіней. З'яўляецца аўтарам і адказным выканаўцам створаных новых завадскіх тыпаў: «Задняпроўскі» і «Бярэзінскі» ў беларускай мясной пародзе, «Палескі» – у пароды ландрас, унутрыпароднага тыпу «Беларускі» – у пародзе дюрок. Распрацаваў асноватворныя тэарэтычныя і метадалагічныя прыёмы і метады павышэння племянных і прадуктыўных якасцяў свіней матчыных і бацькавых парод; тэхналогію атрымання паміжпародных і пародна-лінейных гібрыдаў свіней з высокім гарантаваным эфектам гетэрозісу па адкормачным і мясных якасцях.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, 1 падручніка, 6 метадычных рэкамендацый, 10 патэнтаў і 1 аўтарскага пасведчання.