Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч (н. 15.12.1934, Мінск), вучоны ў галіне радыёфізікі, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991), доктар фізіка-матэматычных навук (1970), прафесар (1973). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1982).
Навуковыя працы ў галіне радыёфізікі. Адзін з аўтараў асноватворных работ па аднаэлектроннай фотарэгістрацыі. Ім развіты метады электроннай інтраскапіі, спосабы візуалізацыі і каардыянатаадчувальныя цвёрдацельныя дэтэктары іанізуючых выпраменьванняў. Пад яго кіраўніцтвам выкананы комплекс даследаванняў па забеспячэнні вытворчасці звышвялікіх інтэгральных схем, шырока ўкаранёны радыёспектраметрычны кантроль матэрыялаў электроннай тэхнікі, створаны новы клас прыбораў – малагабарытныя радыёспектраметры агульнага і спецыяльнага прызначэння.
Аўтар больш за 150 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій і падручніка, 72 вынаходстваў.
Прэмія Савета Міністраў СССР 1985 г. Дзяржаўная прэмія БССР 1988 г. за падручнік для вышэйшых навучальных устаноў "Асновы радыёэлектронікі".