Кацярына Іванаўна Слабажаніна (н. 10.03.1945, г.п. Лельчыцы, Гомельскай вобл.), вучоны ў галіне фотабіялогіі і мембраннай біяфізікі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар біялагічных навук (1992), прафесар (2003).
Даследавала ўзаемасувязь фатонікі і структурнай дынамікі бялковых макрамалекул у растворы і ў складзе біялагічных мембран. Правяла параўнальнае вывучэнне адчувальнасці розных параметраў уласнай і зондавай флуарэсцэнцыі да змены структурнага стану бялкоў пры ўздзеянні біялагічна актыўных рэчываў. Устанавіла заканамернасці мадыфікацыі структурна-функцыянальнага стану біялагічных мембран пры дзеянні на іх фізіка-хімічных фактараў рознай прыроды і спецыфічнасці, сувязь паміж структурнымі зменамі мембран эрытрацытаў, метабалічнымі зрухамі і развіццём паталагічных працэсаў у арганізме. Даказала дастасавальнасць флуоресцентных метадаў для выяўлення асаблівасцяў структурнага стану бялкоў у біямембранах пры паталогіі, што з'явілася асновай для шырокага выкарыстання люмінесцэнцыі ў медыка-біялагічных даследаваннях. Распрацавала шэраг экспрэс-метадаў фота дыягностыкі захворванняў.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфіі, 13 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1992 г. за цыкл работ "Люмінесцэнцыя бялкоў і яе выкарыстанне ў навуковых даследаваннях і на практыцы".