Канстанцін Мікалаевіч Салаўёў (н. 30.03.1933, Ленінград), вучоны ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі шмататамных малекул. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994), доктар фізіка-матэматычных навук (1970), прафесар (1976).
Работы па вывучэнні палярызацыі люмінесцэнцыі, электронна-вагальных спектраў, электроннай структуры ўзбуджаных станаў малекул тыпу хларафіла і працэсаў пераўтварэння энергіі светлавога ўзбуджэння ў малекулярных сістэмах на іх аснове. Вызначыў сіметрыю малекул парфірынаў і металапарфірынаў. Даў агульную і дэталёвую інтэрпрэтацыю электронна-вагальных спектраў парфіну і яго аналагаў. Даследаваў нізкатэмпературныя рэакцыі фотатаўтамерызацыі парфірынаў, вывучэнне якіх паклала пачатак новаму напрамку ў малекулярнай спектраскапіі высокага разрашэнню – фотавыпальвання стабільных спектральных правалаў.
Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 5 манаграфій, 14 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1980 г. за цыкл работ "Фатоніка біялагічна важных пігментаў і іх аналагаў". Дзяржаўная прэмія СССР 1986 г. за цыкл работ "Фотавыпальванне стабільных спектральных правалаў і селектыўная спектраскапія складаных малекул".
Узнагароджаны медалямі.