Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ЦІТОЎ Леанід Пятровіч

Леанід Пятровіч Цітоў (н. 03.10.1946, в. Міхайлавічы, Горацкага р-на, Магілёўскай вобл.), вучоны ў галіне медыцынскай мікрабіялогіі і імуналогіі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар медыцынскіх навук (1991), прафесар (1993). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2000). Замежны член Расійскай акадэміі медыцынскіх навук (2004). Ганаровы прафесар амерыканскага каледжа алергіі, астмы і імуналогіі, член Еўрапейскай акадэміі алергалогіі і клінічнай імуналогіі (2003).

Навуковыя даследаванні прысвечаны малекулярнай біялогіі патагенных і ўмоўна патагенных мікраарганізмаў, клеткава-малекулярным механізмам натуральнага і спецыфічнага супрацьінфекцыйнага і супрацьпухліннага імунітэту, распрацоўцы метадаў і прэпаратаў для дыягностыкі і прафілактыкі інфекцыйных і імунапаталагічных станаў. Правёў даследаванні ролі сістэмы камлементу ў патагенезе хранічных інфекцый і другасных імунадэфіцытных станаў, аўтаімунных і алергічных захворванняў, распрацаваў і ўкараніў у практыку метады ацэнкі фактараў натуральнага імунітэту і спецыфічнай імунарэактыўнасці. Устанавіў спектр і глыбіню малекулярна-клеткавых парушэнняў імуннай сістэмы дзяцей у першыя тыдні/месяцы пасля Чарнобыльскай аварыі і ў аддалены перыяд (1986–2008 гг.), фарміраванне гіперадчувальнасці, аўтаімунітэта, пашкоджанняў ДНК лімфацытаў. У 1994 г. у якасці эксперта ўдзельнічаў у працы Міжнароднай камісіі па ацэнцы медыцынскіх наступстваў найбуйнейшай у свеце аварыі на хімічным заводзе ў г. Бхопал (Індыя). Распрацаваў канцэпцыю стварэння імуналагічнай службы практычнай аховы здароўя краіны (1991–1992 гг.). У 1996 г. на аснове дасягненняў малекулярнай біялогіі абгрунтаваў стратэгію развіцця медыцынскай біятэхналогіі.

Аўтар больш за 500 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій, 15 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2002 г. за цыкл работ "Новыя тэхналогіі прафілактычнай і экалагічнай медыцыны (метады ацэнкі рызыкі ўплыву шкодных фактараў на здароўе насельніцтва, сацыяльна-гігіенічны маніторынг, прынцыпы і сістэма біябяспекі), ліквідацыя эпідэмічнага захворвання масавых інфекцый, папярэджанне імуназалежнай паталогіі".

Узнагароджаны медалём.

Асноўныя працы:

  1. Слоўнiк па агульнай i медыцынскай вiрусалогii. Минск: Выш. шк., 1995 (разам з А.П. Красiльнiкавым, Н.Ф. Казаком).
  2. Бешенство и другие лиссавирусные инфекции человека. Минск: Хата, 2002 (совм. с Н.П. Мишаевой, В.И. Вотяковым).
  3. Иммунология: терминол. слов. Минск: Беларус. навука, 2004.
  4. Серотиповая характеристика штаммов STREPTOCOCCUS Pneumoniae, выделенныхудетей с острыми средними отитами и синуситами // Здравоохранение. 2016. 3. С. 16–20.
  5. Мононуклеарные фагоциты, регуляторные Т-лимфоциты, циркулирующие стволовые и эндотелиальные клетки у пациентов с атеросклеротической аневризмой аорты (в соавт.) // Здравоохранение. 2016. № 1. С. 4–10.