Леў Мітрафанавіч Тамільчык (н. 01.04.1931, Мінск), фізік-тэарэтык. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989), доктар фізіка-матэматычных навук (1980), прафесар (1985).
Навуковыя даследаванні ў галіне тэарэтычнай фізікі. Пабудаваў фенаменалагічную тэорыю аптычных уласцівасцяў, паглынальных магнітных крышталяў. Выканаў прыярытэтныя даследаванні па тэорыі магнітнага зарада. Распрацаваў сіметрыйныя і дынамічныя аспекты тэорыі манаполя, якія ўключаюць стварэнне арыгінальнага метаду ўліку лінейных сінгулярнасцей, карэктнае вызначэнне аперацый дыскрэтных сіметрый, рашэнне шырокага круга канкрэтных дынамічных задач для квантавых і класічных сістэм, якія змяшчаюць магнітныя крыніцы. Развіў і абгрунтаваў праграму эксперыментальнага пошуку магнітнага зарада як у вольным, так і ў звязаным станах. Прапанаваў падыход да апісання астрафізічных працэсаў на аснове выкарыстання канформнай геаметрыі прасторы-часу. Даследаваў праблемы метадалогіі навукі.
Аўтар больш за 170 навуковых прац, у т.л. 2 манаграфій.
Узнагароджаны медалём.