Уладзімір Іванавіч Торчык (н. 30.09.1954, в. Бечы, Жыткавіцкага р-на, Гомельскай вобл.) – вучоны ў галіне інтрадукцыі і зялёнага будаўніцтва. Член-карэспандэнт (2017), доктар біялагічных навук( 2012), дацэнт (2014).
Распрацаваў і ўкараніў новы навуковы напрамак у зялёным будаўніцтве ў Беларусі і краінах СНД – мабільнае кантэйнернае азеляненне гарадоў, якое ўключае крытэрыі падбору асартыменту, тэхналогію падрыхтоўкі пасадачнага матэрыялу і агратэхніку ўтрымання раслін з улікам іх аллелапатычнага ўзаемаўплыву і тэмпаў развіцця. Прапанаваў і эксперыментальна абгрунтаваў новы метадычны падыход у інтрадукцыйным пошуку перспектыўных дэкаратыўных садовых формаў для зялёнага будаўніцтва, які забяспечвае скарачэнне тэрмінаў іх першаснай ацэнкі. Усталяваў лімітыруючыя экалагічныя фактары для кантэйнернай культуры новай дэкаратыўнай групы драўняных раслін з карлікавым ростам; выявіў адрозненні ў антагенезе культывараў і зыходных відаў. На аснове прапанаванага ім метаду селекцыі з выкарыстаннем спантанных саматычных мутацый ўпершыню атрыманы айчынныя гатункі дэкаратыўных формаў іглічных відаў з выяўленым карлікавым ростам. Арганізатар і стваральнік ў Рэспубліцы шэрагу калекцый дэкаратыўных раслін. Вывучыў уплыў абіятычных і біятычных фактараў на рызагенез стябловых чаранкоў, ўстойлівасць і прадуктыўнасць інтрадуцэнтаў і рэдкіх лясных відаў. На гэтай аснове распрацаваў і ўкараніў тэхналогіі вырошчвання пасадачнага матэрыялу больш за 100 гатункаў дэкаратыўных раслін, стварэння плантацый высокапрадукцыйных інтрадуцэнтаў і захавання рэліктавага для Беларусі віду – піхты белай.
Аўтар больш за 140 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій і калектыўных навуковых прац, 33 гатункаў дэкаратыўных іглічных раслін.