Зоя Васільеўна Васіленка (н. 30.06.1946, в. Слабодка, Курскай вобл., Расія), вучоны ў галіне харчовай тэхналогіі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1996-2002), доктар тэхнічных навук( 1988), прафесар (1990). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2001).
Навуковыя працы ў галіне тэхналогій перапрацоўкі расліннай сыравіны для атрымання прадукцыі з зададзенымі ўласцівасцямі. Правяла фізіка-хімічныя даследаванні, звязаныя з праблемай найбольш поўнага выкарыстання рэчываў, якія змяшчаюцца ў зыходнай сыравіне. Ўнесла ўклад у развіццё новага кірунку – вытворчасць і выкарыстанне агароднінных, пладовых і іншых дабавак з расліннай сыравіны для вытворчасці харчовых прадуктаў павышанай якасці. Вывучыла і абгрунтавала механізм дэструкцыі протапектынавага комплексу клеткавых сценак гародніны. Прапанавала тэхналогію атрымання агароднінных пюрэ, у якіх пектынавыя рэчывы максімальна праяўляюць эмульгіруючыя і стабілізуючыя ўласцівасці. Распрацавала тэхналогіі атрымання эмульсій прамога тыпу, вывучыла эмульгіруючае і стабілізуючае дзеянне вадкай і цвёрдай фаз агароднінных пюрэ на структуру створаных эмульсій, што было пакладзена ў аснову тэхналогій маянэзаў (укаранёных на Маскоўскім і іншых тлушчавых камбінатах). Выявіла ўплыў тэхналагічных фактараў на змяненне уласцівасцей пектынавых рэчываў у складзе расліннай тканіны і ўстанавіла магчымасць атрымання агароднінных і іншых пюрэ, якія валодаюць студнестваральнай здольнасцю (ўкаранёны на прадпрыемствах Беларусі і Расіі). Распрацавала тэхналогіі наліўных маргарынаў 60 і 80%-най тлустасці.
Аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 9 кніг, 14 вучэбных дапаможнікаў, 36 вынаходстваў і патэнтаў.
Узнагароджана ордэнам Пашаны( 2013), медалём.