Пётр Іванавіч Альсмік (27.02.1907 в. Выдрэя, Лёзненскага р-на, Віцебскай вобл. – 02.04.1992), селекцыянер-бульбавод. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1966; чл.-кар. з 1956), акадэмік ВАСГНІЛ (1979), акадэмік АН РБ (1992), член-карэспандэнт Акадэміі сельскагаспадарчых навук ГДР (1974-1989), доктар сельскагаспадарчых навук (1954), прафесар (1968), Герой Сацыялістычнай Працы (1966). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1973).
Навуковыя даследаванні прысвечаны селекцыі і насенняводства бульбы. Распрацаваў методыку селекцыі бульбы, якая дазваляе будаваць прагнозы паводзін новых гатункаў у розных умовах, ствараць спрыяльныя рэжымы іх вырошчвання. Вывеў 10 высокаўраджайных гатункаў бульбы з добрымі смакавымі якасцямі і вялікім (да 26) адсоткам крухмалу: Агранамічны, Тэмп, Лошыцкі, Разварысты і інш.
Аўтар больш за 100 навуковых прац, у т.л. 6 манаграфій.
Дзяржаўныя прэміі СССР 1951 і 1974 гг. за вывядзенне, размнажэнне і ўкараненне ў вытворчасць высокапрадуктыўных гатункаў бульбы.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1977), ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1959, 1971, 1973), Дружбы народаў, "Знак Пашаны" (1987), залатым медалём ім. І.В. Мічурына (1979), 4 залатымі і 3 сярэбранымі медалямі ВДНГ, многімі медалямі СССР і БССР.